Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Мой край

Мой край

 

Чароўны край! Мой любы, дарагі!

Як вольна адчуваеш сябе тут!

Не будзе мілым для мяне другі –

Не вытрымаць расстання мне пакут!

 

І сінь азёр, і полымя рабін –

Як дорага ўсё тут і сэрцу міла.

Крылом махне ўвосень жураўліны клін –

Вясной дамоў пацягне яго з новай сілай.

 

Бярозка белая шуміць у полі...

Аб чым яна шапоча там так міла?!

Ды, пэўна, аб сваёй спявае долі,

Як ёй вальготна, добра жыць на волі!

 

Трэль жаўранка чуваць у небе –

Той бесклапотна песеньку сваю нясе.

І васілёк сінее ў ніве хлебнай,

Ад ветрыку галоўкай ён трасе.

 

Сям’я буслоў распраміць крылы,

Пакружыць у паднябессі плаўна.

І сонейка ўсміхнецца міла –

Навокал так прыгожа, слаўна!

 

Дык вось чаму цябе ўслаўляюць,

Паэты ўсіх эпох, часоў!

Тваю красу, мой край вітаюць

І праслаўляюць цябе зноў!

 

Жыві, красуй, маё Прыдзвінне,

Дзе песні салаўя мілей,

Дзе зорка дагарае на світанні,

Дзе сонца свеціць для мяне цяплей!

         Дошчыч А.М., настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Кожны раён Беларусі мае свае непаўторныя рысы. Гарадоччына не выключэнне. Гэта зямля таксама багатая сваімі старажытнымі гарадзішчамі і селішчамі, помнікамі архітэктуры і археалогіі, разнастайнай культурнай спадчынай.

А мне бясконца дарагая Пальмінка – куточак зямлі, на якім я нарадзілася, дзе жывуць мае родныя і сябры. Куточак той бачыцца мне самым цудоўным, самым годным месцам на свеце, таксама багатым сваёй спадчынай.

Сёння Пальмінка – гэта сучасны аграгарадок з развітай інфраструктурай: сярэдняя школа, Дом культуры, амбулаторыя, дзіцячы сад, лясніцтва, бібліятэка, сучасны гандлёвы цэнтр і інш.

А што нам вядома пра гісторыю нашай вёскі?   Адкуль такая прыгожая назва –Пальмінка? Аб гэтым вы можаце даведацца з легенд, якія знаходзяцца ў нашым школьным краязнаўчым музеі. Тут ёсць не адна, а некалькі версій пра паходжанне нашай вёскі.

Звяртаюць на сябе ўвагу і мікратапонімы нашай мясцовасці.

З маленства мы запамінаем, як называецца луг каля ракі, поле, на якім працуюць бацькі, сцежка, што вядзе ў лес, а ён таксама мае сваю назву: Асяцішча, Антанопаль, Малькава, Рабінаўка, Чорны бор.

Тут можна даведацца і пра урбонімы Пальмінкі– назвы вуліц і перавулкаў. А назвы самыя розныя: Лугавая, Палявая, Цэнтральная, Раманаўская, Савецкая, Школьная, Лясная,Чубарава і інш.

Пальмінка— багаты на культурную і гістарычную спадчыну куток Гарадоччыны. “Назвы,–слушна пісаў Паустоўскі,–гэта народнае паэтычнае афармленне краіны. Яны гавораць пра характар народа, яго гісторыю, яго схільнасці і асаблівасці побыту”.Мяняюцца пакаленні людзей, сціраюцца з памяці розныя прадметы, бо выходзяць з ужытку, а назва застаецца, мы ёй карыстаемся, арыентуемся ў пэўным месцы.

Геаграфічныя назвы Пальміншчыны паказваюць багацце нашай беларускай тапаніміі. Ужо адным сваім гучаннем яны вабяць і распавядаюць нешта далёкае і аддаленае ў часе. Гэта робіць іх унікальнымі сродкамі захавання мовы, гісторыі і фальклору. Гэта ўнікальныя культурна-гістарычныя помнікі, якія трэба ахоўваць.Гэта і крыніцы даследавання, што звязваюць сучаснае з мінулым і даюць адказы на безліч пытанняў.

Нам усім, хто любіць сваю малую радзіму, каму дарагая маці-Беларусь, трэба шанаваць, захоўваць для наступных пакаленняў тыя звесткі, што назапашаны пра мінулае нашых паселішчаў, вуліц, урочышчаў, пра ўзнікненне іх назваў. Бо, як нагадвае беларускі пісьменнік Георгій Марчук, “напісанае застаецца, а ненапісанае забываецца”.

 

Прышчэпава Юлія